Культура шляхецкіх сядзіб

Пасля таго як беларускія зямлі сталi часткай Расійскай імперыі, рэзідэнцыі магнатаў страцілі ролю буйных мастацкіх цэнтраў. Новыя асяродкі культуры ўзніклі ў шляхецкіх сядзібах з іх біблятэкамі, зборамі твораў мастацтва і салонамі.

Шляхта, якая ў ХІХ ст. была пераведзена ў дваранскае саслоўе, складала 10% жыхароў беларускіх земляў і выконвала важную ролю ў развіцці асветы, літаратуры, мастацтва. У “шляхецкіх гнёздах” нараджаліся дынастыі паэтаў, музыкаў і мастакоў.

Асновы мастацкай адукацыі спасцігаліся з дапамогай запрошаных настаўнікаў. Віленскі універсітэт і Полацкая езуіцкая акадэмія былі адзінымі ва ўсім краі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, дзе можна было атрымаць прафесійную мастацкую адукацыю. Нягледзячы на розніцу лёсаў, інтарэсаў і схільнасцей, мастакі прытрымліваліся стылістычных тэндэнцый рамантызму.

У 1820 г. была ліквідавана Полацкая акадэмія, быў зачыннены пасля паўстання 1830-1831 гг. Віленскі ўніверсітэт. Каб атрымаць прафесійную падрыхтоўку, мастакі накіроўваліся ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Мюнхен ці Парыж. Вярнуўшыся на радзіму альбо абраўшы беларускія землі для сталага жыхарства, прафесійныя мастакі не толькі здолелі пазбегнуць у творчасці антаганізму культур, але і імкнуліся аб’яднаць асаблівасці славянскіх мастацкіх традыцый з плынямі, якія панавалі на той час у мастацтве Заходняй і Усходняй Еўропы, і такім чынам развіваць і пашыраць традыцыі мясцовага мастацтва.