Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі

Выстава, 27 сакавіка - 10 ліпеня 2014

“Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” – грандыёзны выставачны праект, які ладзіўся з 27 сакавіка да 10 ліпеня 2014 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Арганізатары праекта: ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны мастацкі музей.

Мэта выставы – паказаць мастацтва Беларусі як жывы і актыўны працэс, інтэграваны ў сусветную мастацкую прастору, ва ўсёй сваёй паўнаце і бесперапыннасці. На выставе было сабрана больш за 500 экспанатаў, што ўвасабляюць тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва, ласкава перададзеных 29 музеямі, бібліятэкамі, прыватнымі калекцыянерамі і рэлігійнымі арганізацыямі рэспублікі. У працы над гэтым праектам прынялі ўдзел 15 даследчыкаў мастацтва і культуры Беларусі з усіх рэгіёнаў краіны, высокапрафесійныя музейныя супрацоўнікі і культуролагі. У падрыхтоўцы выставы былі задзейнічаны лепшыя дызайнеры з Беларусі, Літвы і Расіі.

Гісторыя беларускага мастацтва была прадстаўлена ў экспазіцыі найбольш значнымі артэфактамі, пачынаючы з часоў Візантыі і першых старажытнабеларускіх княстваў. Залаты век культуры Вялікага Княства Літоўскага знайшоў сваё адлюстраванне ў творах свецкага і рэлігійнага жывапісу, выданнях Францыска Скарыны і Пятра Мсціслаўца, Статуце ВКЛ і легендарных слуцкіх паясах. У кантэкст беларускай гісторыі было вернута “згубленае” XIX стагоддзе з рамантычным жывапісам Валенція Ваньковіча і акадэміным класіцызмам Івана Хруцкага. Апроч іншага, у экспазіцыі былі прадстаўлены мастацкія школы Беларусі мяжы XIX-XX стагоддзяў, непараўнальны "віцебскі авангард", а таксама творчасць нашых суайчыннікаў, якія склалі касцяк Парыжскай школы. Перлінамі выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” сталі новыя набыткі Белгазпрамбанка: кніга Сімяона Полацкага “Посах кіравання”, карціны Валенція Ваньковіча “Партрэт Тамаша Зана”, Хаіма Суціна “Ева”, Марка Шагала “Гадзіннік на палымнеючым небе” і “Зялёны пейзаж”.

У межах выставы быў выдадзены каталог на трох мовах, які стаў пераможцам XI міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” краін-удзельніц СНД. Усяго за чатыры месяцы працы выставу наведалі больш за 55 тысяч чалавек.