24 траўня 2014 года на тэлеканале “Беларусь 1” адбылася прэм’ера аўтарскага дакументальнага цыкла Алега Лукашэвіча “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”, знятага па замове ААТ “Белгазпрамбанк”.
У кожнай з 9 серый гэтага асветніцка-адукацыйнага праекта раскрываецца жыццё і творчасць аднаго з мастакоў Парыжскай школы: Хаіма Суціна, Марка Шагала, Льва Бакста, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Восіпа Цадкіна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча і Файбіша-Шрагі Царфіна.
Творчая група працавала над праектам каля двух гадоў. Аўтары фільма супрацоўнічалі са сваякамі мастакоў і непасрэднымі сведкамі падзей. Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў сустрэліся з сынам Марка Шагала – Дэвідам Макнілам, з дачкой Восіпа Любіча – Дзінай Любіч. Гэта дазволіла не толькі атрымаць новую інфармацыю, але і ўдакладніць біяграфіі мастакоў. У цыкле прадстаўлены знаныя мастацтвазнаўцы: Марк Рэстэліні, дырэктар Парыжскай пінакатэкі; Ірына Антонава, прэзідэнт Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна; Надзін Нешавер, эксперт Парыжскай школы 1905-1939 гг. і інш. Для найбольш яркага і выразнага раскрыцця біяграфій герояў выкарыстоўваюцца пастановачныя эпізоды, у якіх задзейнічаны акцёры. Так, у ролі Марка Шагала паўстаў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, у ролі Міхаіла Кікоіна – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін.
У серыяле дэтальна праілюстравана творчасць мастакоў шляхам здымкі арыгіналаў карцін, дакументаў, фатаграфій. У тым ліку маштабна паказана карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, якая налічвае больш за 60 твораў мастацтва.
Першым гледачом праекта стала спявачка Мадонна. Пасля прагляду яна дала згоду на выкарыстанне сваёй музыкі ў серыяле, і з ёй была падпісана дамова. Аўтары фільма атрымалі таксама ўхваленне ад Камітэта Марка Шагала, захаваны ўсе аўтарскія правы нашчадкаў беларускіх мастакоў Парыжскай школы, з кожным праваўладальнікам заключаны кантракт.
Белтэлерадыёкампанія паказала серыял Алега Лукашэвіча на тэлеканалах “Беларусь 3” і “Беларусь 24”. У кастрычніку 2014 года ў Вільні ў межах працы выставы “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” адбылася першая замежная прэзентацыя цыкла. Тады ж распачалася яго трансляцыя па літоўскім тэлебачанні (на канале "LRT-kultura"). У 2015-м годзе плануецца выданне цыкла “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі” на DVD, якія паступяць у вольны продаж.