"Посах кіравання" Сімяона Полацкага

Факсімільнае ўзнаўленне кнігі, 2013

Кніга Сімяона Полацкага “Посах кіравання”, выдадзеная Маскоўскім друкарскім дваром у 1667 годзе, была набыта Белгазпрамбанкам у 2013 годзе ў прыватнага расійскага калекцыянера ў межах фарміравання карпаратыўнай калекцыі праекта “Арт-Беларусь”. Сачыненне “Посах кіравання” з’яўляецца адной з найбольш вядомых прац выбітнага дзяржаўнага, царкоўнага і культурнага дзеяча Беларусі і Расіі XVII стагоддзя Сімяона Полацкага. Гэты палемічны твор адыграў ключавую ролю ў культурна-рэлігійных працэсах расійскага грамадства і здзейсніў значны ўплыў на далейшае развіццё Рускай праваслаўнай царквы. Прычына папулярнасці “Посаха кіравання” ў тым, што гэта была галоўная афіцыйная кніга, якая выкрывала погляды раскольнікаў у часы правядзення ніканаўскіх рэформ.

У кастрычніку 2013 года Белгазпрамбанкам у шчыльным супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі было здзейснена факсімільнае ўзнаўленне “Посаха кіравання” Сімяона Полацкага. Перавыданне было зроблена ў двух тамах. Першы том змяшчае якаснае факсімільнае ўзнаўленне арыгінальнага твора, у другім – даецца пастаронкавы пераклад тэкста кнігі на сучасныя рускую і беларускую мовы (пераклад кандыдата філалагічных навук Алеся Бразгунова).

“Дзякуючы гэтаму выданню атрымаецца вярнуць у культурную прастору Беларусі і Расіі адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў нашага агульнага мінулага”, – упэўнены аўтар прадмовы да кнігі намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.