Мастакі Парыжскай школы з Беларусі

Выставачны праект, 2012-2014

Унікальны выставачны праект “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” вырас з карпаратыўнай калекцыі твораў мастацтва Белгазпрамбанка, якая налічвае на дадзены момант больш за 60 артэфактаў. Калекцыя фарміруецца з 2011 года ў шчыльным супрацоўніцтве з Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА, Міністэрствамі замежных спраў і культуры, Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.

Ля ўвахода ў “Вулей” – дом, дзе працавалі мастакі Парыжскай школы, – усталявана шыльда са словамі ўдзячнасці ад французскай грамадскасці за ўнёсак гэтых аўтараў у сусветнае мастацтва. З чатырох прозвішчаў, згаданых тут, “тры з паловай” – насілі выхадцы з Беларусі. Тры з паловай – таму, што там пазначаны імёны Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна і Фернана Лежэ – француза, які быў жанаты на беларусцы Надзе Хадасевіч-Лежэ. Аднак, ніводнай працы знакамітых беларускіх творцаў, якія складаюць славу мастацкай цывілізацыі чалавецтва, да 2011 года не было ў нашай краіне. Дзякуючы праекту банка, працы мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі праз 100 гадоў вярнуліся “дадому”.

Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка сёння прызнана адным з самых буйных збораў прац экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Многія з набытых банкам твораў мастацтва ўключаны ў 2012 годзе ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Першая выстава “Мастакоў Парыжскай школы з Беларусі” адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі (Мінск) у верасні 2012 – студзені 2013 года. У яе экспазіцыю ўвайшлі працы з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, карціны, афорты і літаграфіі мастакоў Парыжскай школы са збораў прыватных калекцыянераў Беларусі і Расіі, а таксама творы з музейных фондаў. Акрамя прадметаў мастацтва, праект уключае ў сябе адукацыйную частку (біяграфічныя звесткі, дакументы і фотаздымкі), мастацкія інсталяцыі, інтэрактыўную частку (“парыжская кавярня” з традыцыйным кубачкам кавы), дакументальныя фільмы, адмыслова створаныя для праекта, калекцыйныя кнігі.

Выстава мела фенаменальны поспех: у Мінску яе наведалі больш за 50 тысяч жыхароў і гасцей сталіцы. Таму было прынята рашэнне працягнуць яе экспанаванне ў абласных цэнтрах краіны – Гомелі і Віцебску. Увосень 2014 года арт-праект накіраваўся ў сваё першае замежнае турнэ – у сталіцу Літвы Вільню, дзе праходзілі гады вучобы і юнацтва такіх майстроў, як Суцін, Крэмень, Царфін, Індэнбаум, Кікоін і Генін. 11 верасня 2014 года выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” адкрылася ў Віленскай карціннай галерэі (вул. Дыджоі,4).