Белгазпрамбанк і яго кіраўнік прызнаны “Мецэнатамі культуры Беларусі”

20 студзеня 2015

19 студзеня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы па выніках 2014 года ўзнагароджвалі мецэнатаў беларускай культуры.

За значны ўнёсак у развіццё культуры ганаровым дыпломам уганаравана ААТ “Белгазпрамбанк”. Акрамя таго, за асабісты ўнёсак у развіццё і дабрачынную падтрымку беларускай культуры быў персанальна ўзнагароджаны старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка.

Ініцыятарам акцыі стала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Званнем “Мецэнат культуры”, якім сёлета ўпершыню ўганароўваюць айчынных мецэнатаў, ва ўрачыстых абставінах былі адзначаны прадстаўнікі 43 арганізацый – за 2014 год яны аказалі спонсарскую дапамогу ўстановам культуры на суму больш за 50 млрд. рублёў. Дзякуючы гэтай падтрмцы тэатры і музеі здолелі здзейсніць свае праекты, зладзіць выставы, накіраваца ў гастролі. Годных ганаровага тытула вызначыла журы, у склад якога ўвайшлі самі прадстаўнікі культурнай сферы.

Сярод найбольш яскравых прыкладаў супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу ў 2014 годзе дзеячы культуры назвалі выставу “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” і Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, што былі зладжаны пад эгідай Белгазпрамбанка. У сваім выступе старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка павіншаваў прысутных на цырымоніі з тым, што “Міністэрства культуры і бізнес працягваюць ладзіць шматстайную палітыку дзеля таго, каб культура Беларусі расла, квітнела і цешыла ўсіх навокал”.