Новае імя ў калекцыі Белгазпрамбанка: Аскар Мешчанінаў

08 студзеня 2015

Белгазпрамбанк набыў у прыватнага калекцыянера бронзавую скульптуру Аскара Мешчанінава “Мужчына з мёртвым дзіцём” (1952). Гэта першы вернуты ў Беларусь твор сусветна вядомага скульптара, народжанага ў Віцебску ў 1884 годзе. Набытак з’яўляецца значным для далейшага фармавання калекцыі твораў мастакоў Парыжскай школы – ураджэнцаў Беларусі, што з’яўляецца складовай часткай нацыянальнага гісторыка-культуралагічнага праекта “Арт-Беларусь”.

“Мужчына з мёртвым дзіцём” – адна з апошніх прац Мешчанінава. Скульптура прысвечана трагедыі Халакосту і выканана ў неўласцівай для мастака экспрэсіўнай манеры. Па словах крытыка Вальдэмара Жоржа, “Мужчына з мёртвым дзіцём” – гэта “лебядзіная песня Аскара Мешчанінава, прасякнутая гуманізмам і бедамі вайны”.

Адна з нешматлікіх копій шэдэўра А. Мешчанінава “Мужчына з мёртвым дзіцём” упрыгожвае збор Музея Тэль-Авіва ў Ізраілі.

Беларускія спецыялісты адзначаюць, у сваю чаргу, ідэйнае падабенства гэтай працы з вядомым манументам Сяргея Селіханава “Нескароны чалавек”, які знаходзіцца ў цэнтры Хатынскага мемарыяла.

Фота: Дж. Олдэйл (Wikipedia)

Для даведкі:

Аскар Мешчанінаў (1884, Віцебск, Беларусь – 1956, Лос-Анджэлес, ЗША) – скульптар, прадстаўнік Парыжскай школы. Вучыўся ў школе Ю. Пэна ў Віцебску, у французскіх скульптараў А. Мерсье і Ж. Бернара ў Парыжы, атрымаў прызнанне ў Еўропе і ЗША. Шчыльна сябраваў з А. Мадыльяні, Х. Суціным, Д. Рыверам, якія пісалі яго жывапісныя партрэты.

Амедэа Мадыльяні «Партрэт Аскара Мешчанінава» (1916)