“Культурныя вынікі” 2014 года апублікавалі беларускія парталы TUT.BY і Onliner.
“Такога ў нашай краіне яшчэ не было, але хочацца верыць, што будзе, і не аднойчы, –піша Onliner. – Грандыёзны выставачны праект зладзіў Белгазпрамбанк сумесна з “Газпрам трансгаз Беларусь”, Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. Унікальнасць гэтай выставы ў тым, што дагэтуль ніколі ў адным месцы не збіралі для дэманстрацыі столькі прадметаў беларускага мастацтва. Творы былі прадстаўлены з часоў Візантыі і да сучаснасці. У праекце ўдзельнічалі літаральна ўсе музеі краіны, уключаючы рэгіянальныя, а таксама прыватныя і карпаратыўныя калекцыі, цэрквы і музеі. На выставе было прадстаўлена 500 экспанатаў коштам у мільёны даляраў”.
Сваё меркаванне пра культурныя вынікі 2014 года выказаў таксама партал TUT.BY.
“У 2014 годзе музеі Беларусі сабралі частку сваіх калекцый пад адным дахам: упершыню ў межах адной выставы былі прадэманстраваны адразу 500 твораў, што ахопліваюць тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва, – піша TUT.BY. – З 27 сакавіка па 10 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі ладзілася маштабная выстава “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, на якой была выстаўлена самая дарагая на дадзены момант у Беларусі карціна – “Ева” Хаіма Суціна з калекцыі Белгазпрамбанка”.
Адкрыццё выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка ля карціны Хаіма Суціна з калекцыі банка. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY