Белгазпрамбанк стаў уладальнікам эскізаў Бакста і літаграфіі Пікасо

17 сьнежня 2014

Белгазпрамбанк працягвае рэалізацыю карпаратыўнага праекта “Арт-Беларусь”, адна з задач якога – вяртанне ў нашу краіну культурных каштоўнасцей. У чарговы раз банк звярнуўся да творчасці вялікага тэатральнага мастака Леона Бакста, які нарадзіўся ў Гародні ў 1866 годзе. У прыватнага калекцыянера быў набыты альбом графічных шэдэўраў майстра “Творы Леона Бакста для балета “Спячая прыгажуня”.

Тытульны аркуш і франтыспіс альбома

Фаліянт, выдадзены накладам у 500 асобнікаў, не толькі з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю, але і мае безумоўную мастацкую вартасць. У склад альбома ўваходзяць 54 каляровых водціскі (храматыпіі) з тэатральнымі эскізамі Бакста, а таксама літаграфія Пабла Пікасо “Партрэт Леона Бакста”. Асобнік, які знаходзіцца цяпер ва ўласнасці Белгазпрамбанка, падпісаны асабістым аўтографам Бакста.

Леон Бакст «Ахоўнік каралевы» (эскіз касцюма)

Леон Бакст «Замак чароўнай прынцэсы» (эскіз дэкарацыі)

Пабла Пікаса «Партрэт Леона Бакста» (1922)

Альбом “Творы Леона Бакста для балета “Спячая прыгажуня” быў выдадзены ў 1922 годзе ў Парыжы ўслед за трыумфам тэатральный трупы Сяргея Дзягілева, якая здзейсніла годам раней бліскучую пастаноўку гэтага балета П.І. Чайкоўскага. Пастаноўка мела на мэце паказаць Еўропе ўзор класічнай пецярбургскай балетнай школы, для чаго была ўзноўлена харэаграфія легендарнага Марыуса Пеціпа. Гэта быў апошні вопыт сумеснага супрацоўніцтва Дзягілева і Бакста, што прынесла рускаму балету сусветнае прызнанне.

Архіўнае фота спектакля "Спячая прыгажуня" "Рускіх сезонаў" Дзягілева

Цяпер эскізы касцюмаў і дэкарацый Леона Бакста, якія скарылі Еўропу, вярнуліся на радзіму свайго стваральніка і знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.

 

ДЛЯ ДАВЕДКІ:

Леон Бакст (1866, Гродна – 1924, Парыж) – выбітны мастак Срэбнага веку, адзін з заснавальнікаў аб’яднання “Мир искусства”. Атрымаў сусветную вядомасць як тэатральны мастак дзякуючы супрацоўніцтву з балетным імпрэсарыё Сяргеем Дзягілевым. Аздобленыя Бакстам спектаклі “Рускіх сезонаў” Дзягілева ўражвалі гледачоў сваёй фантазіяй, казачнай раскошай, выкшталцонасцю касцюмаў, новымі і смелымі спалучэннямі фарбаў.

 

Крыніцы фота: abebooks.com, picassolive.ru, infodiaghilev.wordpress.com