Літва працягвае захапляцца мастакамі Парыжскай школы

28 лістапада 2014

Пачынаючы з 30 лістапада 2014 года, штонядзелю, услед за літоўскім тэлеканалам “Kultura”, віленскі канал Penki TV будзе дэманстраваць фільмы дакументальнага цыкла “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”.

У кожнай з серый раскрываецца жыццё і творчасць аднаго з мастакоў: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Леона Бакста, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча і Файбіша-Шрагі Царфіна. У стужках маштабна паказана карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, якая налічвае больш за 60 твораў мастацтва.

– Наш праект – гэта дакументальны адукацыйна-асветніцкі цыкл, разлічаны на шырокую аўдыторыю, – гаворыць адзін з яго стваральнікаў журналіст Алег Лукашэвіч. – Мы спадзяёмся, што пасля знаёмства з фільмамі літоўскія гледачы адкрыюць для сябе зусім новы пласт беларускай культуры.

Сёлета з 11 верасня да 9 лістапада ў Літоўскім мастацкім музеі (Вільня) прайшла выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, якую наведалі больш за 12 000 гледачоў. Выстава мела шырокі водгук у культурным жыцці Вільні. Дарэчы, менавіта яна адкрывала Дні культуры Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы. Па прызнанні арганізатараў, у апошнія выходныя напярэдадні закрыцця на экспазіцыю прыйшлі паглядзець каля дзвюх тысяч чалавек, а час працы галерэі нават давялося прадоўжваць на некалькі гадзін.

Па завяршэнні віленскай выставы яе арганізатары агучылі наступныя дадзеныя. З ліку наведвальнікаў больш за 600 былі школьнікі, больш за 1000 – пенсіянеры, амаль 800 – замежцы, 226 – людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усяго было зладжана 60 экскурсій, у якіх прынялі ўдзел 1330 чалавек.

Цікава, што за два месяцы выставу ў Вільні наведаў прыкладна такі самы працэнт насельніцтва і гасцей горада (каля 2,5%), як за чатыры месяцы працы гэтай самай выставы ў Мінску ў 2012-2013 гг.

Як адзначалі прафесійныя крытыкі, у экспазіцыі можна было ўбачыць шмат такіх твораў, якія дагэтуль экспанаваліся даволі рэдка – напрыклад, раннія або познія працы мастакоў Парыжскай школы з Беларусі.

Нядаўна калекцыя жывапісных, графічных і скульптурных прац са збору Белгазпрамбанка вярнулася ў Беларусь, і неўзабаве ў межах будучых выстаў з ёй, але ўжо значна абноўленай і дапоўненай новымі творамі, зноў здолеюць азнаёміцца беларускія аматары мастацтва.