Дакументальны цыкл Алега Лукашэвіча прэзентаваны на фестывалі "Лістапад"

13 лістапада 2014

12-14 лістапада ў межах 21-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" у Нацыянальным мастацкім музем Рэспублікі Беларусь прэзентаваны дакументальна-асветніцкі цыкл "Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі".

У кожнай з 9 серый гэтага асветніцка-адукацыйнага праекта раскрываецца жыццё і творчасць аднаго з мастакоў Парыжскай школы: Хаіма Суціна, Марка Шагала, Льва Бакста, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Восіпа Цадкіна, Міхаіла Кікоіна, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча і Файбіша-Шрагі Царфіна.

Творчая група працавала над праектам каля двух гадоў. Аўтары фільма супрацоўнічалі са сваякамі мастакоў і непасрэднымі сведкамі падзей. Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў сустрэліся з сынам Марка Шагала – Дэвідам Макнілам, з дачкой Восіпа Любіча – Дзінай Любіч. Гэта дазволіла не толькі атрымаць новую інфармацыю, але і ўдакладніць біяграфіі мастакоў. У цыкле прадстаўлены знаныя мастацтвазнаўцы: Марк Рэстэліні, дырэктар Парыжскай пінакатэкі; Ірына Антонава, прэзідэнт Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна; Надзін Нешавер, эксперт Парыжскай школы 1905-1939 гг. і інш. Для найбольш яркага і выразнага раскрыцця біяграфій герояў выкарыстоўваюцца пастановачныя эпізоды, у якіх задзейнічаны акцёры. Так, у ролі Марка Шагала паўстаў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, у ролі Міхаіла Кікоіна – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін.

У серыяле дэтальна праілюстравана творчасць мастакоў шляхам здымкі арыгіналаў карцін, дакументаў, фатаграфій. У тым ліку маштабна паказана карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, якая налічвае больш за 60 твораў мастацтва.

Першым гледачом праекта стала спявачка Мадонна. Пасля прагляду яна дала згоду на выкарыстанне сваёй музыкі ў серыяле, і з ёй была падпісана дамова. Аўтары фільма атрымалі таксама ўхваленне ад Камітэта Марка Шагала, захаваны ўсе аўтарскія правы нашчадкаў беларускіх мастакоў Парыжскай школы, з кожным праваўладальнікам заключаны кантракт.

Упершыню ўсе фільмы дакументальнага цыкла былі паказаны ў траўні-чэрвені 2014 года ў эфіры тэлеканала "Беларусь-1" і ў жніўні – у эфіры тэлеканала "Беларусь-3". У кастрычніку праект з поспехам быў прэзентаваны ў Літоўскім мастацкім музеі (Вільня), у межах выставы "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі", а пасля ўвесь цыкл быў паказаны ў эфіры Літоўскага тэлебачання. 12-14 лістапада беларускі глядач зноў атрымаў магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сваіх славутых землякоў – цяпер у межах кінафестывалю "Лістапад". Падробны расклад сеансаў гл. па спасылцы.