Канцэпцыя

Праект "Арт-Беларусь", які вырас з карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк" – "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі", – набыў статус праекта нацыянальнага маштабу, які прызваны паказаць гістарычны зрэз выяўленчага мастацтва Беларусі ва ўсёй паўнаце і цэласнасці. Сёння "Арт-Беларусь" здольны служыць аднаўленню сувязей з культурна-гістарычнай спадчынай мінулага і надаць новы імпульс развіцця сучаснаму беларускаму мастацтву.

Праект прызваны стымуляваць развіццё творчага пошуку мастакоў, яшчэ больш пашырыць кругагляд мастацтвазнаўцаў. Гэта адпавядае пазіцыі Белгазпрамбанка, заснаванай на садзейнічанні прагрэсіўнаму развіццю грамадства шляхам павышэння яго культурнага ўзроўню, заахвочвання творчай ініцыятывы.

 
 Віктар Бабарыка,
Старшыня Праўлення ААТ "Белгазпрамбанк"
 

“Арт-Беларусь” – ініцыяваны Белгазпрамбанкам нацыянальны гісторыка-культуралагічны праект. Мэта праекта – развіццё на аснове адукацыйных праграм творчага мыслення і ініцыятывы дзеячаў культуры, прасоўванне іх творчасці ўнутры краіны і за мяжой. Шляхам вывучэння і экспанавання артэфактаў банк здзяйсняе рэканструкцыю цэласнага і бесперапыннага працэсу развіцця культуры Беларусі, садзейнічае вызначэнню яе ролі ў сусветнай культуры, павышае цікавасць да нацыянальнага мастацтва сярод насельніцтва.

У межах рэалізацыі праекта “Арт-Беларусь” адбываецца фарміраванне карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, якая налічвае на дадзены момант больш за 60 артэфактаў. Першапачаткова прысвечаная спадчыне мастакоў Парыжскай школы з Беларусі (М. Шагала, Х. Суціна, М. Кікоіна і іншых), з часам калекцыя пашырыла сваю канцэпцыю і мае на мэце вяртаць у культурны кантэкст незаслужана забытыя імёны беларускіх мастакоў (В. Ваньковіч, Л. Бакст, Дз. Стэлецкі), прыналежных да розных гістарычных эпох. Белгазпрамбанк ладзіць даследчую працу па выяўленні твораў нашых суайчыннікаў у замежных зборах і іх вяртанні шляхам набыцця на сусветных аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў.

Пад эгідай “Арт-Беларусь” ладзяцца грандыёзныя выставачныя праекты, першым з якіх была выстава “Мастакі парыжскай школы з Беларусі”, што аб’ехала Мінск, Гомель і Віцебск і мае адбыцца восенню 2014 года ў Вільні (Літва). Праект “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, які праходзіў у сакавіку-ліпені 2014 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, прызнаны самай маштабнай экспазіцыяй прадметаў культурнай спадчыны беларускага народа за ўсю гісторыю незалежнасці нашай краіны. На выставе было сабрана больш за 500 экспанатаў, што ўвасобілі тысячагадовую гісторыю беларускага мастацтва, ласкава перададзеных 29 музеямі, бібліятэкамі, прыватнымі калекцыянерамі і рэлігійнымі арганізацыямі рэспублікі. З вялізнай экспазіцыяй выставы “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, што паклала аснову праета “Арт-Беларусь”, можна падрабязна пазнаёміцца ў раздзеле нашага сайта Галерэя.

Канцэпцыя “Арт-Беларусь” не абмяжоўваецца арганізацыяй выстаў – у межах праекта здымаюцца фільмы пра беларускіх мастакоў (дакументальны цыкл Алега Лукашэвіча “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”), выдаецца літаратура (факсімільнае ўзнаўленне кнігі “Посах кіравання” Сімяона Полацкага (1667).