Скарга Пётр

Скарга Пётр (сапраўднае імя — Пётр Павенскі)

(1536, Груец у Мазоўшы, Польшча — 1612, Кракаў, Польшча)

Каталіцкі тэолаг, пісьменнік, дзеяч контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.

У 1552–1555 гг. вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, затым у Вене і Рыме, дзе ў 1564 г. уступіў у ордэн езуітаў. Па вяртанні (1571) займаўся прапаведніц­твам, адкрыццём дабрачынных устаноў і езуіцкіх калегій у Полацку, Рызе, Дэрпце. У 1573–1584 гг. жыў у Вільні: узначальваў Віленскую езуіцкую калегію, быў першым рэктарам Віленскай акадэміі і ўніверсітэта.

З 1588 г. быў прыдворным прапаведнікам караля Жыгімонта III Вазы. У «Сеймавых казаннях» (1610) рэзка асуджаў магнацкае сваявольства і прадвясціў палітычны заняпад Польшчы. Выступаў супраць прыняцця Жыгімонтам III кароны Швецыі. Стаў адным з ініцыятараў Брэсцкай царкоўнай уніі (1596).

Стыль Скаргі характарызуецца як багата арнаментаваны, з вытанчанай канструкцыяй. Апавядальнік у яго творах — празорца, які стаіць на варце традыцыйных каштоўнасцей.