Каменскі Антон

Каменскі Антон Іосіфавіч
(1860, в. Ярылаўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. — 1933, г. Варшава)

Жывапісец, ілюстратар, графік.

Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1882–1885). У 1886 г. з-за фінансавых цяжкасцей спыніў вучобу і з’ехаў у Ярылаўку. З 1890 г. жыў у Варшаве, дзе супрацоўнічаў з часопісам «Ілюстрацыйны штотыднёвік».

У 1891 г. пераехаў у Парыж, вучыўся жывапісу і скульптуры ў Акадэміі Р. Жульена. Яго ілюстрацыі публікуюцца ў «Le Monde Illustre» і лонданскай «Графіцы». У 1894 г. вярнуўся ў Варшаву. Некалькі разоў наведваў Парыж. Там жа правёў гады Першай сусветнай вайны. У 1919 г. паступіў салдатам у польскую армію Ю. Халера, з натхненнем сустрэў нацыянальнае адраджэнне Польшчы.

Памёр у Варшаве. Пахаваны на варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі.

У мастацкай спадчыне значная колькасць графічных малюнкаў, акварэляў, карыкатур. Асабліва вылучаецца серыя, якая склала альбом «Нарысы Белавежскай пушчы» (1912). Работы А. Каменскага выстаўляліся ў Парыжы, Варшаве, Вільні.