Ваньковіч Валенцій

(1800, в. Калюжыцы Ігуменскага пав. Мінскай губ. — 1842, г. Парыж, Францыя)

Беларускі жывапісец, прадстаўнік рамантызму.

Вучыўся ў Полацкім іезуіцкім калегіуме, потым у Віленскім універсітэце (1818–1824) у Я. Рустэма. В. Ваньковіч пісаў партрэты сяброў — маладых паэтаў А. Міцкевіча, Ф. Маеўскага, Т. Зана, А. Адынца (частка з іх захавалася).

З 1825 г. у Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў удасканальваўся ў жывапісе і малюнку. Асаблівае сяброўства яго звязвала з А. Міцкевічам, партрэты якога ён пісаў шмат разоў, у іх ліку «Міцкевіч на скале Аю-Даг».

У 1839 г. выехаў у Германію, дзе апантана капіраваў палотны майстроў італьянскага Адраджэння. У 1841 г. В. Ваньковіч пераехаў у Парыж, жыў у сям’і Міцкевічаў. Яго апошнія карціны прысвечаны Напалеону. У Беларусі не захавалася ніводнага твора мастака, але ў 2000 г. у памяць аб ім у Мінску ў адрэстаўраванай сядзібе, доме сям’і Ваньковічаў, быў створаны музей.